Фондавая выстава Музея Вольнай Беларусі «Кропка ўваходу – 123» прапануе ўваход у сучасную беларускую рэальнасць праз маўклівыя, але надзвычай красамоўныя артэфакты.
У аснове праекта — рэчы, вывезеныя некаторымі са 123 палітвязняў 13 снежня 2025 года падчас таемнай дэпартацыі з беларускіх калоній і турмаў у межах дамоўленасцяў рэжыму Лукашэнкі з адміністрацыяй ЗША. Людзей вывозілі без папярэджання, з мяшкамі на галовах і перавязанымі рукамі. Усё, што засталося пры іх, — «турэмны скарб»: алюмініевая лыжка, мыла, ануча, цёплая бялізна, чайныя пакецікі — рэчы, якія стваралі адзіны дазволены гарызонт камфорту.
Куратар выставы, гісторык Аляксей Бацюкоў звяртае ўвагу, што ўдзел палітвязняў у фармаванні выставы і ўвага наведвальнікаў да іх лёсу спрыяе пераадоленню траўмы: «Для саміх гэтых людзей размяшчэнне прадметаў у нашай экспазіцыі таксама мае тэрапеўтычны эфект. І ўвага да гэтай экспазіцыі таксама мае для іх і для такіх, як яны, а ў Варшаве зараз вельмі шмат былых палітвязняў, такі ж самы тэрапеўтычны эфект».
Сёння гэтыя рэчы спынілі сваю побытавую функцыю і сталі носьбітамі памяці, сведкамі гвалту, зняволення і выжывання. Выставу можна наведаць да 1 сакавіка.
эж